Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі здзекуецца з палітвязняў і іх сем'яў

26.04.2024 11:02
Гэта робіцца мэтанакіравана.
 .
Святлана Ціханоўская.Прэс-служба ОСЦ

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі здзекуецца з палітвязняў і іх сем'яў. Гэта робіцца мэтанакіравана – каб вязні мелі ўражанне, што пра іх у свабодным свеце ўсе забылі. Пра гэта ў інтэрв’ю Польскаму радыё распавяла лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская.

- Практычна ўсе палітвязні знаходзяцца ў жудасных умовах. Не хапае медыцынскай дапамогі, ёсць факты катавання. За кратамі былі забітыя 6 чалавек, у тым ліку наш знакаміты мастак Алесь Пушкін. Да зняволеных не дапускаюць адвакатаў, не дастаўляюць карэспандэнцыю, яны нават не могуць звязацца з іншымі асуджанымі і, вядома ж, са сваімі сваякамі. Такім чынам рэжым спрабуе зламаць палітвязняў – маўляў, глядзіце, вам ніхто не піша, пра вас забылі. Я спадзяюся, што нашы блізкія ў турме ведаюць, што мы працягваем нашу барацьбу.

Беларуская апазіцыя звяртаецца да краін Еўрасаюза з заклікам ізаляваць мінскі рэжым і ўвесці санкцыі супраць яго прадстаўнікоў. Зараз у турмах і ізалятарах краіны ўтрымліваюцца прыкладна 1430 чалавек. У першую чаргу гэта апазіцыйныя і грамадскія актывісты, праваабаронцы і незалежныя журналісты.

IAR/нг